Loftas у Вільні:
ад рухавікоў і магнітафонаў-бабіннікаў –
да моднай культурніцкай прасторы

У гэтых сценах ад 1950-х выраблялі
знакамітыя магнітафоны «Эльфа»,
на якіх нашы бацькі цішком слухалі
забароненых «Бітлоў» і Уладзіміра Высоцкага.

Сёння галасы сучасных спевакоў з Беларусі,
Літвы і ўсяго свету гучаць тут проста са сцэны, «ужывую», для шматлікіх аматараў музыкі.
Цяпер у Loftas можна ўсім.
Карыстайцеся!
Да нядаўняга часу ў гэты будынак немагчыма было трапіць
старонняму чалавеку. На сур'ёзным абарончым прадпрыемстве –
радыёзаводзе «Эльфа» – разам з магнітафонамі «Эльфа», «Спаліс», «Гінтарас», «Дайна» выраблялі электрарухавікі для ваеннай і спецыяльнай тэхнікі. Засакрэчаным прадпрыемства заставалася да пачатку 2000-х.

Затое сёння Loftas адчынены для Ўсіх

Сюды можна не проста трапіць, але і пажыць
Вам прапануюць зручныя стыльныя апартаменты
з усімі неабходнымі выгодамі,
каб застацца на некалькі дзён.

А на былой прамысловай тэрыторыі
ёсць кавярні, дзе можна пакаштаваць нацыянальныя літоўскія стравы.
Цяпер да высокага. Шмат цікавага для сябе тут адкрыюць аматары жывапісу, кіно, моды, танца, тэатра, вулічнага мастацтва, розных патрэбных для жыцця адукацыйных курсаў і альтэрнатыўных відаў спорту.
Як сорак савецкіх прадпрыемстваў
і палонныя немцы будавалі… пляцоўку для «Ляпіса»
Над унушальным будынкам
абарончага прадпрыемства
некалі працавалі каля сарака прадпрыемстваў былога Саюза,
а таксама ваеннапалонныя немцы. Прадпрыемства магло змяшчаць
каля васьмі тысяч работнікаў.
А праз дзесяцігоддзі тут знайшлося месца
для беларускіх музыкаў і рок-гуртоў пачатку 2000-х,
часта забароненых на радзіме.
У былых цэхах завода арганізатары пачалі ладзіць канцэрты, прэзентацыі музычных альбомаў.
На «Крамбамбулю», «Ляпіса», «Нейра Дзюбеля»
і Лявона Вольскага Loftas збіраў аншлагі.
Прадавалі па некалькі тысяч білетаў.
Таму для беларусаў Loftas – культавае месца.

Слухаць музыку
і глядзець на зорнае неба


на Loftas Fest
Не застаўся без увагі і некалі вялікі бетонны завадскі двор з шэрымі сценамі.
Тут зладзілі летнюю тэрасу. Калі надвор'е спрыяе, для некаторых імпрэз прапануюць менавіта яе. Тут можна патанчыць пад любімыя песні
і прысесці адпачыць. А яшчэ паглядзець на зоркі, бо многія канцэрты
ладзяць ноччу.
Штогадовы гарадскі музычны фестываль
Loftas Fest запланавалі тут
на дзве ночы.
Свята правядуць
7 і 8 верасня ў сёмы раз.

Loftas Fest – адзіны фэст
у краінах Балтыі,
які аб'ядноўвае чатыры музычныя сцэны, перформансы, інсталяцыі, выставы.

Сёлета арганізатары прапануюць чатыры музычныя этапы, у межах якіх выступяць гурты з Літвы, Беларусі, Украіны, Францыі, Германіі.
7 верасня ў межах фэста адчыняць галерэю
вулічнага мастацтва. Пра вялізныя муралы на дахах, кутах і сценах будынкаў экскурсаводы
распавядуць па-літоўску і па-англійску.
Патанчыць
і патусіць запросіць легендарны ды-джэй Hel.

Навінка сёлетняга фестывалю чакае наведнікаў 8 верасня.
У Вільню прыедуць госці з Брытаніі –
гурт «Metronomy».
А з імі – 12 тон апаратуры.
Трэба ж задаволіць спакушанага гледача.


…Сорак год таму
тут рабілі магнітафоны,
а сёння гучыць жывая музыка.
Едзем слухаць?
Тэкст: Ксенія Дуровіч.
Вёрстка: Ігар Палынскі.
Усе правы на выявы і відэа належаць іх аўтарам.

ТАА «Ірвінга Група» УНП 191751509
Made on
Tilda